КРУГЛЯ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліп. 1941 да снеж. 1943 у Круглянскім р-не Магілёўскай вобл. Кіраўнікі: П.І.Аляксееў, Я.В.Бендзік, М.З.Казлоў, М.С.Радзько, Л.Н.Ракушаў, С.М.Сухоцкі і інш. Падп. групы (больш за 70 чал.) дзейнічалі ў г. п. Круглае, вёсках Ліхінічы, Пасырава, Радча, Ражкі, Слабодка і інш. У канцы студз. 1942 групы аб’ядналіся ў адзіную круглянскую «Арганізацыю барацьбітоў за вызваленне Радзімы» («АБЗВР»). Падпольшчыкі падтрымлівалі сувязь з партыз. брыгадамі 8-й Круглянскай, «Чэкіст», магілёўскім патрыят. падполлем і падпольшчыкамі суседніх раёнаў; распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, здабывалі для партызан зброю, харчаванне, медыкаменты. звесткі пра ўмацаванні, перадыслакацыю і ўзбраенне ворага, падрыхтоўку акупантаў да карных аперацый. У 1942 у Круглым падпольшчыкі спалілі друкарню, ільнозавод, склад нарыхтаваных для адпраўкі ў Германію збожжа і сена, у 1943 — бензасклад у Круглым, маслазавод у в. Слабодка. Пад уплывам іх агітацыі рабочыя Круглянскага льнозавода псавалі абсталяванне, затрымлівалі зборку машын, сяляне зрывалі пастаўкі харч. прадуктаў для акупац. арміі, салдаты варожага «казацкага батальёна» перайшлі да партызан. Пасля арыштаў уцалелыя падпольшчыкі пайшлі ў партызаны.

Л.В.Аржаева.

т. 8, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)